© 2020 Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі
"Дух павёў яго на пустыню"
5-8 сакавіка ў Оршы адбыліся рэкалекцыі для моладзі 18-35 год
Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць, калі вы чуеце слова "пустыня"? Напэўна, у большасці з нас перад вачыма адразу ўзнікае шмат пяску, гарачыня, а яшчэ думкі аб выпрабаваннях і цяжкасцях. А ці вы былі калі-небудзь на пустыні?

Удзельнікі рэкалекцый "Дух павёў Яго на пустыню…" мелі магчымасць выйсці на пустыню, каб засяродзіцца на сваёй веры і яе паглыбленні, а таксама пачуць голас Бога.
Часам здаецца, што пустыня гэта непрыемнае месца, дзе нас чакаюць цяжкасці, выпрабаванні і таму мы баімся выйсці ў яе і застацца сам насам з сабою і Богам. Але, насамрэч, яна можа стаць месцам сілы і кожнаму з нас карысна выйсці на пустыню, асабліва ў такі цяжкі час.
Тэма рэкалекцый была засяроджана на трох "кітах" Вялікага Посту і жыцця хрысціяніна: малітва, пост, міласціна. Здаецца, што мы ведаем ужо аб гэтым так шмат, але ўсё роўна на штодзённых канферэнцыях моладзь пазнавала штосьці новае.

Так, у першы дзень, мы ўбачылі, што ў нашым жыцці так шмат вольнага часу (спойлер: каля 30 гадзін у тыдзень), а нам усё роўна цяжка знайсці прынамсі адну гадзіну ў дзень для малітвы альбо Бібліі. Таму ў першы дзень кс.Яўген Шымановіч вучыў моладзь малітве: як настроіцца на малітву, не губляць канцэнтрацыю, якія ёсць формы малітвы, а таксама звярнуў увагу, што, калі ўсё ж такі вы згубілі канцэнтрацыю, то не трэба на гэтым засяроджвацца. Трэба проста аддаць гэта Хрысту і працягваць малітву.

У другі дзень моладзь засяродзілася на аскезе. Аб тым, як правільна ставіць пастановы і перажываць пост, аб тым, што кожная пастанова павінна мець інтэнцыю, бо інакш, хутчэй за ўсё, мы змарнуем нашыя пастановы і пост. Таксама шмат было сказана аб важнасці трэнавання свайго цела для малітвы, бо часам "Дух моцны, але цела слабое" і таму нашая пастава пры малітве таксама мае свой уплыў.

У трэці дзень моладзь разважала пра духоўную барацьбу і пра распазнанне духаў: якія ад Бога, а якія не, пра непастаянасць духоўнага жыцця. Таксама у гэты дзень моладзь мела магчымасць паслухаць сведчанне жанчыны, якая шмат гадоў была звязана з мірам акультызму і злых духаў, але адшукала дарогу да Бога і зараз жыве паводле Яго слова і ў Яго праўдзе. Сведчанне было сапраўды цікавым і карысным.

Пасля канферэнцый і сведчання ўдзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць пачутае і падзяліцца сваім жыццёвым досведам на працы ў невялікіх групках.
Акрамя канферэнцый праграма рэкалекцый была напоўнена рознымі формамі малітвы: ютрань, адарацыі, Святая Імша, Крыжовы шлях, Малітва Праслаўлення і інш. Так напрыклад, многія ўдзельнікі ўпершыню пазнаёміліся з Lectio Divina - традыцыйнай практыкай чытання Святога Пісання, медытацыі і малітвы, накіраванай на паглыбленне адносінаў з Богам і глыбейшае пазнанне Слова Божага. Кожны дзень у праграме была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а ў апошні дзень адарацыя працягвалася праз усю ноч. Кожны ўдзельнік меў магчымасць таксама паразмаўляць са святарамі і прыступіць да споведзі.
Нягледзячы на насычанасць праграмы рэкалекцый малітвай, канферэнцыямі і працай у групах, у моладзі заставалася крыху часу і на супольны адпачынак, размовы, абмеркаванне розных хвалюючых тэмаў.
Спадзяемся і жадаем, каб гэтыя рэкалекцыі прыняслі багаты плён для ўдзельнікаў і дапамаглі бачыць і адчуваць прысутнасць Духа Святога ў іх жыцці.

P.S. Калі ў вас не атрымалася прыехаць на рэкалекцыі, вы маеце магчымасць паглядзець канферэнцыі на нашым сайце або ютуб-канале.
Тэкст: Дзіяна Сайкоўская
Фота: кс. Алег Хмылко, Ганна Смільгінь