© 2020 Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі
Маёўка для моладзі
7 мая ў аг. Удзела адбылася маёўка для моладзі
Пасля вымушанага доўгага перапынку з прычыны пандэміі 7 мая Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі нарэшце зноў сабрала моладзь з розных парафій на маёўку, каб разам маліцца, адпачываць, узбагачаць свае веды і будаваць узаемаадносіны ў супольнасці. На гэты раз моладзь гасцінна прымалі айцы-францысканцы ў аг.Удзела. Ужо з 15 гадзінаў моладзь з Варапаева, Дунілавіч, Мосара, Удзела, Глыбокага, Лучаю, Полацка і Наваполацка пачала збірацца на пляцоўцы ля кляштара, дзе ўжо чакала клапатліва падрыхтаваная зона для адпачынку.
“
Наваколле напаўнялася смехам, размовамі, радасцю доўгачаканых сустрэчаў даўніх сяброў, сабралося каля 90 маладых асобаў!
Распачалі сустрэчу, вядома, з малітвы. А 16 гадзіне кс. Алег Хмылко цэлебраваў Св.Імшу, падчас якой кс. Яўген Шымановіч прамовіў да моладзі казанне пра тое, што кожны з нас пакліканы да ўдзелу ў выратаванні свету разам з Марыяй, падкрэсліўшы асаблівую ролю Сэрца Марыі ў нашым жыцці. Гэтая тэма прагучала асабліва актуальнай, бо перажываем месяц май, прысвечаны Марыі, а да таго ж, сустрэча адбывалася менавіта ў першую суботу месяца. Адразу пасля Імшы кс. Алег звярнуўся да моладзі з канферэнцыяй: "Шлях, выпрабаванне, вера".
Узбагаціўшыся духоўна, молазь перайшла да забаўляльнай часткі: шмат танцаў, забаваў, спеваў на свежым паветры ў гэты сонечны дзень абудзілі невялікае мястэчка Удзела. Інтэграцыйныя танцы аб'ядналі ў вялікае кола ўсіх, незалежна ад узросту і парафіі, далі цудоўную магчымасць для новых знаёмстваў.
А добра натанцаваўшыся трэба і добра падсілкавацца – калбаскі, запечаныя на вогнішчы і іншыя прысмакі, падрыхтаваныя арганізатарамі, прыйшліся даспадобы нават самым малодшым удзельнікам.
На захадзе сонца гурт SD з Глыбокага разам з братам Віктарам зноў сабраў усіх каля сцэны, каб разам праславіць Госпада і Марыю супольнымі спевамі, пасля чаго на заканчэнне сустрэчы ўсе разам у касцёле заспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і атрымалі благаслаўленне святароў.
Асобнай радасцю на заканчэнне стала навіна пра тое, што гэтым летам, нарэшце, зноў пойдуць пілігрымкі ў Будслаў, так любімыя асабліва моладзю, зноў адбудуцца Дыяцэзіяльныя дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Так што моладзь ад'язджала дадому каля 22 гадзіны, напоўненая радасцю хуткіх новых сустрэчаў.

Відэазапіс казання можна паглядзець на ютуб-канале
Больш фота можна ўбачыць тут
Тэкст і фота: Ганна Смільгінь