© 2020 Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі
Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы
Дараженькія нашы!

Кожны, хто чытае гэты тэкст, згодзіцца са мной у тым, што 2020 год быў сапраўды цяжкім з розных перспектыў. Ні адна з запланаваных сустрэч Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі не адбылася па ўсім вядомых і зразумелых прычынах. Вельмі шкада, што перад намі паўсталі такія перашкоды, але варта трактаваць гэта як выпрабаванне, як штуршок да пошуку і развіцця іншых спосабаў евангелізацыі.

«Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем».
(2 Кар 4, 8-9)
У мінулым годзе паўстаў наш канал на YouTube, дзе можна прыняць удзел у рэкалекцыях online. Наступнай пляцоўкай для інтэрнэт-евангелізацыі і катэхезацыі з'яўляецца Instagram, дзе мы разам чытаем Youcat, дзелімся актуальнай інфармацыяй і паказваем наглядна, чым мы займаемся на сустрэчах. Найважнейшым поспехам і вялікім крокам наперад я лічу стварэнне інтэрнэт-старонкі нашага Душпастырства, дзе гарманічна раскладзена па палічках уся наша дзейнасць. На старонцы можна знайсці напрамкі дзейнасці Душпастырства моладзі, асноўныя формы сустрэч, спасылкі на нашы профілі у сацыяльных сетках, актуальную інфармацыю аб сустрэчах моладзі ў розных парафіях нашай дыяцэзіі і аб душпастырах, фотаздымкі з сустрэч і многія іншыя цікавасці.
Трэба сказаць, што гэта вельмі цікавы вопыт і я цешуся, што мы маем файныя акалічнасці, каб навучыцца кантактаваць і супрацоўнічаць з маладымі людзьмі там, дзе яны ўжо асвоіліся, дзе яны праводзяць хіба большую частку ўласнага вольнага часу.
На шчасце, 2020 год ужо скончыўся. Моцна верым і спадзяёмся, што хвароба адступіць і ўсё будзе добра, а мы вернемся да звыклага, больш традыцыйнага фармату сустрэчаў моладзі ў рэальным жыцці. Дзякуючы ўсім выпрабаванням мінулага году, мы чарговы раз даведаліся, што спадзявацца на Бога, жыць у Ім – гэта месца супакою ў шалёнай і часам незразумелай штодзённасці. Перад некаторымі рэчамі чалавек проста бяссільны.
«Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Пан, намеры на дабро, а не на зло, каб даць вам будучыню і надзею».
(Ер 29,11)
Разам з тым, зрабіўшы адважныя крокі наперад на прасторах інтэрнэту, мы не збіраемся спыняцца, не можна занядбаць гэтай важнай сферы жыцця сучаснага чалавека, тым больш маладога чалавека. Ёсць пэўныя думкі наконт тэмаў рэкалекцый і іншыя ідэі. Калі вы таксама маеце якія-небудзь файныя прапановы альбо хочаце даведацца і глыбей пазнаць нейкую тэму, мы чакаем вашых прапановаў, вашых лістоў. Пішыце там, дзе вам зручна:

· ddm.vicebsk@gmail.com
· instagram
· facebook
· вконтакте

Нашы маладыя сябры, мы сумуем па сустрэчах і молімся, каб мы спаткаліся як мага хутчэй. Маліцеся і вы, у тым ліку і ў інтэнцыі Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, каб з'яднаныя духам у малітве мы маглі разам крочыць да святасці шляхам збаўлення.

«Бог адарыў нас вялікім гонарам і адказнасцю абвяшчаць Яго ўсяму свету, зрабіць Яго даступным для чалавецтва. Гэта наша годнасць, гэта вялікі гонар для кожнага з нас, для ўсіх ахрышчаных».
Папа Францішак
З Благаслаўленем †
Кс. Алег Хмылко